9 лістапада 2024 г. — 165 гадоў з дня нараджэння Піліпа Казіміравіча Харкевіча (1859–1925), ваеннага дзеяча, гісторыка
Піліп Казіміравіч Харкевіч нарадзіўся 9 лістапада 1859 г. (па іншых звестках — у 1860 г.) у Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні ў сям’і рыбака, які стаў потым купцом. Піліп вучыўся ў Брэсцкай мужчынскай прагімназіі. Закончыў Варшаўскае пяхотнае юнкерскае вучылішча, афіцэрскую стралковую школу ў Санкт-Пецярбургу. Амаль увесь час служыў у Брэст-Літоўскай крэпасці, камандаваў ротай, батальёнам.
2023 г. — 255 гадоў з часу закладкі Кобрынскага парку імя А. В. Суворава (1768), 75 гадоў у статусе парку культуры і адпачынку (1948), 60 гадоў з часу прысваення статуса помніка садова-паркавага мастацтва (1963)
Кобрынскі парк імя А. В. Суворава адносіцца да ліку найстарэйшых у Беларусі. З невялікай сядзібы ён ператварыўся ў адзін з найбуйнейшых і прыгажэйшых садова-паркавых комплексаў сучаснай Беларусі. Названы ў гонар вялікага рускага палкаводца А. В. Суворава (1730–1800), якому належаў маёнтак «Кобрынскі ключ».
24 лістапада 2020 г. — 290-гадоў з дня нараджэння Аляксандра Васільевіча Суворава (1730–1800), ваеннага дзеяча, палкаводца
У 1792–1794 гг. Аляксандр Васільевіч Сувораў камандаваў рускімі войскамі ва Украіне. У час падаўлення польскага паўстання 1794 г. разбіў пад Крупчыцамі (цяпер у Жабінкаўскім раёне) і пад Брэстам корпус генерала Ю. Серакоўскага. 4 лістапада штурмам авалодаў прадмесцем Варшавы — Прагай, 9 лістапада Варшава капітулявала.
2020 г. — 555 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання Петрапаўлаўскай царквы г. Кобрына (1465)
Петрапаўлаўская царква — праваслаўны храм у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла ў г. Кобрыне Брэсцкай вобласці. Дакладныя звесткі аб часе пабудовы гэтага храма адсутнічаюць. Зрэшты, першае дакументальнае згадванне пра царкву адносіцца да 1465 г., калі кобрынская князёўна Ульяна Сямёнаўна падаравала «зямлю з людзьмі» храму, які ўжо тады існаваў.